Рэйтынг беларускіх гарадоў 2019

паказвае шматгранную рэчаіснасць беларускіх гарадоў у пяці вымярэннях

Мы не імкнемся прысароміць найгоршыя гарады і пахваліць найлепшыя – Цэнтр новых ідэй хоча, хутчэй, павялічыць зацікаўленасць грамадства рэгіянальнымі праблемамі і ўзмацніць экспертную дыскусію.

  • дэмаграфічная ўстойлівасць

  • стан эканомікі

  • якасць жыцця

  • празрыстасць кіравання

  • турыстычная прывабнасць

Методыка

Ідэя найлепшага горада

Для нас найлепшым горадам з’яўляецца той, жыццё ў якім адначасова ўстойлівае і дынамічнае. У ім нараджаецца больш дзяцей, чалавек мае большыя шанцы на атрыманне вышэйшай адукацыі, на знаходжанне высокааплатнай працы, на карыстанне сацыяльнымі паслугамі высокай якасці.

Малюнак горада з сучаснай архітэктурай
Малюнак кола агляду з горадам на заднім плане

Наіўна кажучы, найлепшы горад – гэта такі, у якім хочацца правесці ўсё жыццё

Абраныя дваццаць паказнікаў рэйтынга адлюстроўваюць, безумоўна, нашае ўяўленне пра найлепшы горад. Пры гэтым некаторыя паказнікі не знайшлі свайго адлюстравання ў рэйтынгу, напрыклад, стан інфраструктуры ці стан экалогіі, бо мы не знайшлі адпаведнага колькаснага індыкатара. Але нягледзячы на ўсе праблемы, мы імкнуліся стварыць якасны і празрысты рэйтынг.

У наш рэйтынг увайшлі толькі тыя гарады, якія маюць больш за 50 тысяч чалавек, – у іх жыве амаль дзве траціны беларускага насельніцтва і яны з’яўляюцца значнымі паліт-эканамічнымі актарамі. Гэта не значыць, што гарады з 20 тысячамі жыхароў ці вёскі не могуць быць добрымі месцамі жыхарства, але іх роля ў Беларусі невялікая і будзе рабіцца ўсё меншай, таму яны выключаныя з рэйтынга.

Метад вылічэнняў

Малюнак калькулятара

Натхненнем для падрыхтоўкі гэтага рэйтынга паслужылі глабальныя прыклады, прыклады суседніх краін і Рэйтынг гарадоў Беларусі, складзены дзесяцігоддзе таму. Усе яны даследуюць, па вялікім рахунку, тыя ж рэчы, што і Рэйтынг беларускіх гарадоў, хоць заходнія прыклады ўсё ж у стане ахапіць больш сфераў і валодаюць большым масівам статыстычных звестак.

Хоць падобныя індэксы змяншаюць бачны памер інфармацыі, у практыцы ўнутры рэйтынга знаходзіцца вялікая колькасць статыстычных дадзеных, якія ўрэшце і вызначаюць месца кожнага горада ў рэйтынгу. Ніжэй мы падаем тлумачэнні выбару ўсіх паказнікаў паводле пяці вымярэнняў.

Кожнае вымярэнне (не індыкатар) мае аднолькавую вагу ў агульным выніку – і гэта, безумоўна, спрашчэнне. Аднак мы свядома ідзем на яго, каб забяспечыць празрыстасць і яснасць нашага даследавання, тым болей, што ўрэшце ўсе аспекты важныя, каб вызначыць сапраўды найлепшы горад.

Вынікі па большасці паказніках выраўненыя па шкале ад 0 да 100 балаў паводле формулы y=(x−min)/(max−min), дзе

  • x – гэта канкрэтны паказнік (напрыклад, памер заробку ў гэтым горадзе);
  • min – мінімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • max – максімальны паказнік сярод усіх гарадоў;
  • y – гэта адпаведны вынік па шкале ад 0 да 100, які і ўносіўся ў рэйтынг.

Выключэннем з’яўляюцца вынікі экспертнага рэйтынга па славутасцях Беларусі і па паказніках у межах вымярэння “Празрыстасць кіравання”. У ім вынікі прадстаўленыя паводле трохступеньчатай шкалы:

  • 100 – калі неабходная інфармацыя прадстаўленая цалкам,
  • 50 – калі неабходная інфармацыя прадстаўленая часткова,
  • 0 – калі неабходная інфармацыя не прадстаўленая.

Паглядзіце, як робіцца шкала, на прыкладзе:

Натуральны прырост у 2018-ым годзе

  • На 1000 чалавек
  • Вынік паводле формулы
Малюнак горада

Вынікі ж вымярэнняў падаваліся паводле сярэдняй лічбы ўсіх паказнікаў у межах гэтага вымярэння, а агульны рэйтынг з’яўляецца сярэдняй лічбай усіх вымярэнняў.

Амаль ва ўсіх выпадках мы выкарыстоўвалі звесткі за адзін год (за апошні з даступнымі дадзенымі). Адзіным выключэннем з’яўляюцца інвестыцыі ў асноўны капітал. Іх узровень у гарадах часта змяняецца згодна з прыярытэтамі ўладаў, таму ў гэтым выпадку мы выкарыстоўвалі сярэдні паказнік за пяць гадоў.

Пэўнай праблемай пры стварэнні рэйтынга беларускіх гарадоў быў статус блізу паловы гарадоў – яны маюць статус гарадоў раённага падпарадкавання (а не абласнога), таму некаторыя дадзеныя ў іх збіраюцца на ўзроўні ўсяго раёна, а не горада. Мы доўга думалі, якім чынам кампенсаваць гэты недахоп, але ў практыцы ручное выпраўленне дадзеных магло б зменшыць празрыстасць даследавання. Таму мы проста дадаем адзнаку, калі выкарыстоўваем дадзеныя па раёне, каб Вы бралі гэта ў разлік пры вывучэнні вынікаў рэйтынга.

Дапамажыце нам

Стварэнне такіх камбінаваных індыкатараў, як гэты рэйтынг, – гэта заўсёды пэўны кампраміс у методыцы даследавання. На жаль, сёлета мы не здолелі знайсці ўсе кампрамісы, якія мы б хацелі пабачыць, таму не ўсе пажаданыя індыкатары трапілі ў рэйтынг. Магчыма, нам не хапіла Вашых ідэй, таму мы вас ласкава просім адказаць на некалькі пытанняў (адказваць на ўсе з іх неабавязкова).

Перайсці да гугл-формы
Малюнак дошкі з формай для апытання і алоўкам

Слабыя пункты беларускіх гарадоў

Як было паказана вышэй, наш рэйтынг выкарыстоўвае канкурэнтныя адзнакі – колькасць балаў, якую горад набярэ паводле паказніка, залежыць ад таго, які горад мае найлепшы вынік (і адпаведна атрымае 100 балаў) і які горад мае найгоршы (і адпаведна атрымае 0 балаў). У практыцы большасць гарадоў знаходзяцца ў цені Мінска ці Гродна ды ззяюць на фоне Оршы. Гэта ззянне, аднак, не варта перабольшваць, паколькі быць лепшым за Оршу не так і складана.

Для таго, каб даступна праілюстраваць вынікі гарадоў ва ўсіх вымярэннях, мы стварылі ніжэйшы інструмент. Ён служыць таксама інструментам рэкамендацый, каб мясцовыя эліты маглі лёгка пабачыць, у якіх сферах ім трэба прыкласці болей намаганняў. На графіку колерам зазначаныя паказнікі і вымярэнні, па якіх горад мае вынік ад 1 да 33, ад 34 да 67 і ад 68 да 100.

Пра стваральнікаў

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Рыгор Астапеня

Рыгор Астапеня

старшыня Цэнтра новых ідэй. Рыгор з’яўляецца Robert Bosch Stiftung Academy Fellow у Chatham House ды абараніў доктарскую дысертацыю ў Варшаўскім універсітэце.

Яго электронная пошта: ryhor.astapenia@gmail.com

Аўтар Рэйтынгу беларускіх гарадоў Андрэй Сушко

Андрэй Сушко

юрыст і эксперт у сферы дзяржаўнага кіравання праваабарончай арганізацыі Human Constanta. Навучаўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі і Варшаўскім універсітэце.

Яго электронная пошта: andrew.mensk@gmail.com

Каманда Belarus Urban Fellowship-2019 у складзе Мікіты Глушанка, Юліі Мішчанкі, Волі Сафронавай, Юліі Стасюк, Станіславы Цярэнцьевай і Канстанціна Чарнова.

Каманда Belarus Urban Fellowship-2019

Падзякі

Падзякі Антону Раднянкову

Антону Раднянкову

за размовы пра беларускія гарады

Падзякі Алесю Крату

Алесю Крату

за дапамогу пры працы са звесткамі

Падзякі Ігару Яноўскаму

Ігару Яноўскаму

за цудоўны дызайн і малюнкі

Усім іншым людзям, якія выдаткавалі хоць мінімум свайго часу, каб абмеркаваць гэты рэйтынг

Без вас гэты рэйтынг быў бы горшым